РУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РННА),
вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР і рус. эмігрантаў, створанае ў пач. 1942 пры групе ням. армій «Цэнтр» у Вял. Айч. вайну. Паводле ням. дакументаў, мела таксама назвы «рускі батальён спец. прызначэння», «падраздзяленне абвера 203», «злучэнне «Граўкопф». Кіраўнік б. эмігрант інж. С.Н.Іваноў. Асн. задачы — барацьба з партызанамі, падрыхтоўка разведчыкаў і дыверсантаў. Камплектаванне РННА вялося ў лагерах ваеннапалонных у Барысаве, Смаленску, Рослаўлі, Вязьме. Дыслацыравалася ў г.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., дзе размяшчаліся вучэбныя лагеры «Масква», «Урал» і «Кіеў». Асобны стралк. батальён, навучанне асабовага складу якога вялося па статутах Чырв. Арміі, быў сфарміраваны ў Шклове (лагер «Волма»). Пасля няўдалых антыпартыз. аперацый восенню 1942 РННА узначалілі б. сав. палк. В.І.Баярскі і брыгадны камісар Г.Н.Жылянкоў (будучы паплечнік ген. А.А.Уласава). Яны імкнуліся стварыць К-т вызвалення Радзімы і Рус. нар. армію. Аднак гітлераўцы на базе РННА арганізавалі т.зв. «брыгаду Баярскага» ў складзе 5 некамплектных усх. батальёнаў і дапаможных структур (усяго каля 4 тыс. байцоў). Пасля цяжкіх паражэнняў пад Вял. Лукамі (Расія) і ад бел. партызан (Мінская вобл.) перафарміравана ў 700-ы ўсх. полк асобага прызначэння. Пасля таго, як да партызан перайшло 130 «народнаармейцаў», злучэнне расфарміравана ў канцы 1943.
С.У.Жумар.
т. 13, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)